Аднаго зь менскіх лідэраў Моладзі БНФ Юрася Дзешука тэрмінова забіраюць у войска. У гэтым годзе хлопец скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Ён ужо здаў дзяржаўны іспыт і абараніў дыплём. 27 чэрвеня Юрась павінны атрымаць дыплём аб вышэйшай адукацыі.
Тыдзень таму назад хлопца выклікалі ў Раённы ваенны камісарыят для гутаркі з прадстаўніком часткі № 5448 г. Менска. Высьветлілася, што Юрась павінен служыць у Вайсковай чатцы Міністэрства ўнутраных спраў у Менску.
Поводле Юрася Дзешука, улады выкарыстоўваюць новы мэтад барацьбы з палітычна актыўнымі маладымі людзьмі. "Абсалютна відавочна, што забіраюць мяне ў МУС ня проста так, а з мэтаю перавыхаваньня, - кажа Юрась Дзяшук. - Калі б такой мэты не было, мяне б накіравалі ў частку ў Горадзенскай вобласьці, адкуль я паходжу і дзе я прапісаны".
Нагадаем, што пад пагрозаю службы ў войску зараз знаходзяцца сябры Моладзі БНФ Алесь Каліта, Антось Каліноўскі, Франак Вячорка. Незаконна знаходзіцца ў частцы Зьміцер Жалезьнічэнка.